Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

В рамках инновационного проекта учреждения образования в 2021/2022 учебном году, учитель начальных классов Радченко Ж.А. приняла участие в Республиканском семинаре по подведению итогов работы над проектом за текущий учебный год

Дата: 14 июля 2022 в 18:53
92 просмотра

Не паспелі адгучаць апошнія званкі, а амаль 120 педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны зноў аказаліся за партамі. Зрэшты, за партамі — гэта вобразна, таму што рэспубліканскі семінар для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў” праходзіў на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра ў маляўнічым месцы на беразе ракі Пціч. Але навучанне было самым рэальным.

Пачынаем з вынікаў

Гэты праект рэалізуецца ў 55 установах адукацыі краіны з верасня 2021 года. Спачатку былі праведзены стартавыя дыягностыкі, якія дазваля­юць ацаніць зыходны ўзровень уменняў другакласнікаў працаваць з суцэльнымі і несуцэльнымі тэкстамі, затым прайшло некалькі вучэбных семінараў для настаўнікаў пачатковых класаў. Пачынаючы з другой чвэрці навучэнцы займаліся па спецыяльных дапаможніках, распрацаваных па тэхналогіі мнагамернага чытання. Ацэнка эфектыўнасці навучання стала прадметам выніковай дыягностыкі ў красавіку, а ў маі было праве­дзена заключнае анкетаванне педагогаў. Таму семінар пачаўся з аналізу асноўных вынікаў інавацыйнай дзейнасці, бо рухацца наперад можна, толькі калі ўмееш рабіць высновы з мінулага.

Перш за ўсё — гэта матывацыя. Добра вядома, што менавіта гэты ўнутраны рухавік вызначае паспяховасць любой дзейнасці. 84% апытаных настаўнікаў сцвярджаюць, што зацікаўленасць вучняў заняткамі па тэхналогіі мнагамернага чытання вышэйшая, чым іншымі ўрокамі; 16% лі­чаць, што такая ж. Характэрна, што ні­хто са 148 педагогаў не зазначыў зніжэнне цікавасці да заняткаў.

Сярод адукацыйных прырашчэнняў за год адзначаюцца такія, як узровень развіцця мыслення (зазначылі 76%), узровень пазнавальнай актыўнасці (73%), узровень развіцця крэатыўнасці (67%), узровень развіцця камунікатыўных якасцей асобы (60%). І таму 52% настаўнікаў пасля першага года работы ў інавацыі лічаць, што атрыманыя вынікі поўнасцю адпавядаюць чаканым; а 57% настаўнікаў удзел у праекце лічаць галоўным асабістым дасягненнем навучальнага года.

Што тычыцца параўнальнага аналізу дыягностыкі функцы­янальнай пісьменнасці, то на 16% павялічылася колькасць навучэнцаў з высокім узроўнем выканання работы, хаця змест заданняў быў больш складаным, чым у пачатку года. Таксама былі прааналізаваны магчымыя залежнасці, і атрымалася, што няма істотных адрозненняў у дынаміцы выканання работы паміж гарадскімі і сельскімі школьнікамі, размеркаванне па абласцях таксама даволі раўнамернае, не выяўлена значнай розніцы ў залежнасці ад тыпу навучальнай установы (параўноўваліся навучэнцы гімназій і сярэдніх школ) і колькасці навучэнцаў (адны настаўнікі зай­маюцца з цэлым класам, а іншыя з групамі).

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання дазваля­юць забяспечыць роў­насць магчымасцей доступу ўсіх навучэнцаў да якаснай адукацыі. Такой жа думкі прытрымліваецца і 71% настаўнікаў, якія па шкале эфектыўнасці ацанілі тэхналогію мнагамернага чытання найвышэйшым балам (“актуальна, будзе запатрабавана ў масавай практыцы”). Надышоў час нарэшце расказаць аб сутнасці новай тэхналогіі.

“Чытанне ў ступені N”

Новая адукацыйная тэхналогія нарадзілася прыкладна 5 гадоў назад як адказ на пытанне: “Дапусцім, у недалёкай будучыні нашы дзеці бу­дуць ведаць усё тое, што напісана ў падручніках (і з улікам тэндэнцый развіцця інфармацыйнай эпохі гэта цалкам рэальна). Чым тады яны будуць займацца ў школе?”.

Зразумела, што акцэнт перамесціцца на развіццё мыслення, лагічнага і творчага. Трэба будзе вучыць не запамінаць і перада­ваць інфармацыю, а яе асэнсоўваць, пераўтвараць, ствараць. Але гэта стратэгічны напрамак, а ў чым канкрэтна гэта можа праяўляцца, прычым штодзень на ўроках? Група гомельскіх педаго­гаў пад навуковым кіраўніцтвам С.І.Гін для першай ступені навучання прапанавала наступны варыянт рашэння: “Бяром добрую дзіцячую кнігу, выбіраем з яе адну главу, якая адрозніваецца ўнутранай цэласнасцю, і цалкам паглыбляемся ў яе, адштурхоўваючыся ад тэксту ў самых розных напрамках…”

На сённяшні дзень распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы з 2 па 4 клас, якія ўключаюць у сябе дапаможнік для настаўнікаў з самымі падрабязнымі рэкамендацыя­мі і падручнік-сшытак для навучэнцаў. Пры гэтым аўтары-распрацоўшчыкі самі сабе ўстанавілі планку: ні адно заданне не павінна паўтарацца! Можа, таму ў навучэнцаў такая высокая матывацыя: заданні ж адносяцца да розных прадметаў, прычым не толькі пачатковай школы; і, акрамя таго, уключаюць практыкаванні на канструяванне і мадэляванне, і гэта ўсё яшчэ і з выкарыстаннем магчымасцей глабальнай сеткі інтэрнэт! Таксама заданні сшытка ўключа­юць мноства несуцэльных тэкстаў: схем, табліц, графікаў, дыяграм, інструкцый, карт, аб’яў і г.д., што забяспечвае паспяховасць фарміравання функцыянальнай пісьменнасці.

<blockquote>

Заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання дазваляюць забяспечыць роў­насць магчымасцей доступу ўсіх навучэнцаў да якаснай адукацыі.

</blockquote>

Першапачаткова тэхналогія называлася “Разумнае чытанне”, але вельмі хутка стала зразумела, што гэтая назва не зусім адлюстроўвае яе сут­насць. І пад абноўленай назвай тэхналогія мнагамернага чытання стала ўкараняцца ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта.

На семінары лекцыю пра методыку работы па тэхналогіі ў 3 класе прачытала настаўнік-метадыст з гімназіі № 2 Н.А.Ваўранчук. Наталля Аляксандраўна з’яўляецца не толькі актыўнай удзельніцай аўтарскага калектыву па стварэнні дапаможнікаў, але і апрабавала ўсе матэрыялы з навучэнцамі свайго класа. Таму гучала не сухая тэорыя, а прадукцыйны дыялог з аўдыторыяй, падчас якога ўдзельнікі змаглі азнаёміцца з усімі асаблівасцямі выкладання ў наступным навучальным го­дзе. Некалькі разоў выкладчыца звярнула ўвагу на тое, што ў кожным класе будзе свой індывідуальны тэмп работы, які залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, дзе вызначальнай з’яўляецца зацікаўленасць навучэнцаў. Такім чынам, усе ўдзель­нікі адукацыйнага працэсу маюць магчымасць вый­сці на іншы ўзровень, у наступнае вымярэнне, дзе працэс набыцця і прымянення ведаў з’яўляецца натуральнай патрэбай чалавека, які расце, а настаўнік для гэтага толькі стварае ўсе ўмовы. 

Аўтары сваю тэхналогію называюць “Чытанне ў ступені N”, даючы яму такія азначэнні, як “надсістэмнае”, “няспешнае”, “насычанае”, “нясумнае”, “неабходнае”, “нязмушанае”, “нязвыклае”, “невычэрпнае”, “нечаканае” і шмат іншых. Але пры гэтым з гордасцю любяць падкрэсліваць, што яшчэ гэтая тэхналогія — “наша”, з’яўляецца цалкам нацыянальным прадуктам і можа забяспе­чыць канкурэнтаздольнасць беларускай сіс­тэмы адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы.

З чаго складаецца функцы­янальная пісьменнасць?

Без тэорыі ў навучанні таксама не абысціся. Прафесійная кампетэнтнасць настаўніка абапіраецца на сучасныя дасягненні педагагічнай і псіхалагічнай навукі. І павышэнню майстэрства садзейнічала лекцыя “Інтэг­рацыйныя кампаненты функцыянальнай пісьменнасці”, якую прачытала С.І.Гін.

Пачалі з гісторыі, бо гэты тэрмін з’явіўся толькі ў канцы мінулага стагоддзя. Да 60-х гадоў гаворка ішла пра традыцыйную пісьменнасць, якая ўключала ў сябе базавыя ўменні чытання, пісьма, лічэння. А на пачатку XXI ст. у сувязі з імклівым развіццём грамадства прыйшло ўсведамленне неабходнасці развіцця функцыянальнай пісьмен­насці, якая дазваляе чалавеку быць паспяховым у зменлівым свеце. І калі традыцыйная пісьменнасць — гэта ўстойлівая якасць асобы (нельга, напрыклад, развучыцца чытаць), то функцыянальная з’яўляецца сітуацыйнай характарыстыкай, якая ў розных сітуацыях можа праяўляцца па-рознаму. Адпаведна, калі чалавек не можа прымяніць веды ў змененай сітуацыі, то варта гаварыць аб яго функцыянальнай непісьменнасці. Менавіта ўзровень практычных навыкаў і з’яўляецца прадметам вывучэння PISA — міжнароднага маніторынгу ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў 15-гадовага ўзросту.

Калі ўзяць за аснову шырока вядомае азначэнне фун­кцы­я­нальнай пісьменнасці расійскага акадэміка А.А.Лявонцьева (здольнасць выкарыстоўваць веды, якія пастаянна набываюцца, уменні і навыкі для вырашэння шырокага кола жыццёвых задач), то няцяжка сфармуляваць сутнасць яе асобных структур. Напрыклад: матэматычная пісьмен­насць — гэта здольнасць выкарыстоўваць матэматычныя веды для вырашэння жыццёвых задач; прыродазнаўчанавуковая пісьменнасць — гэта здольнасць выкарыстоўваць прыродазнаўчанавуковыя веды для вырашэння жыццёвых задач і г.д.

Лабараторыяй пачатковай агульнай адукацыі Інстытута развіцця стратэгіі адукацыі РАА (загадчыца — доктар педагагічных навук Н.Ф.Вінаградава) вызначаны інтэграцыйныя кампаненты функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў, да якіх належаць чытацкая, камунікатыўная, інфармацыйная і сацыяльная.

Мэтанакіраванае фарміраванне гэтых навыкаў дазваляе вырашыць тыя праблемы, якія, на жаль, нярэдка існу­юць не толькі ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту: недастатковы ўзровень сэнсавага чытання, які дазваляе не толькі атрымліваць інфармацыю з тэксту, але і інтэрпрэта­ваць яе і суадносіць з жыццёвым вопытам; адсутнасць уменняў весці прадукцыйны дыялог, слабая зацікаўленасць у пашырэнні свайго інфармацыйнага поля, несфарміраванасць меды­япісьмен­насці, дрэнна развітая здольнасць прадбачыць наступствы сваіх дзеянняў, нізкая гатоўнасць адаптавацца да сітуацыі, асабліва да надзвычайнай. 

Хаця ўсе гэтыя ўменні і навыкі, няхай іншымі словамі, але дакладна прапісаны ў дзеючым адукацыйным стандарце: “Чаканыя вынікі пачатковай адукацыі ўвасабляе навучэнец … , які ўсведамляе адказнасць за свае ўчынкі; матываваны на вучэбна-пазнавальную дзейнасць; валодае пачатковымі навыкамі сацыяльнай адаптацыі; гатовы і здольны да супрацоўніцтва, валодае асновамі ўмення вучыцца; умее карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі пры арганізацыі самастойнай вучэбнай дзейнасці; праяўляе пазнавальную актыў­насць”.

І зноў узнікае супярэчнасць, пра якую мы ўжо гаварылі: мы ведаем, ШТО патрабуецца, але не хапае канкрэтных інструментаў, ЯК гэта рэаліза­ваць на практыцы. І зноў у якасці прыкладаў выкарыстоўвалі змест тэхналогіі мнагамернага чытання, якая, з’яўляючыся незалежнай ад вучэбнай праграмы, дазваляе паспяхова фарміраваць усе кампаненты функцыянальнай пісьмен-
насці.

Тэксты суцэльныя і несуцэльныя…

Паколькі ў аснове функцыянальнай пісьменнасці ля­жыць чытацкая, то вялікую ўвагу ў праграме семінара ўдзялілі фарміраванню чытацкіх уменняў работы з рознымі відамі тэкстаў. Н.П.Капшай, дацэнт кафедры педагогікі і прыватных методык ГАІРА, кандыдат філалагічных навук, расказала аб асаблівасцях чытання мастацкіх твораў, ці, як зараз прынята іх называць, су­цэльных тэкстаў.

Але хоць ён і суцэльны, то ў ім можна вылучыць складовыя часткі: гэта і назва, і ілюстрацыі, і абзацы ці главы з падзагалоўкамі, могуць быць эпіграф ці зноскі, і работа з кожным элементам таксама патрабуе пэўных прафесійных навыкаў.

Таму мала ўмець прачы­таць, у сэнсе агучыць тэкст, трэба вучыць учытвацца ў яго і вычытваць той схаваны сэнс і падтэкст, без ра­зумення якога нельга гаварыць аб паўнавартасным чытанні. Наталля Паўлаўна вельмі падрабязна, выкарыстоўваючы падручнікі для пачатковай школы, прадэманстравала цэлы россып прыёмаў сэнсавага чытання.

Затым эстафету падхапіла М.І.Дабрадушанка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце інстытута развіцця адукацыі Гродна. Марына Іосіфаўна ўмела спалучала тэорыю і практыку, тлумачачы алгарытм работы з несу­цэльнымі тэкстамі. Бо нават дзеці, якія зусім не чытаюць, усё роўна пастаянна знаходзяцца ў насычанай інфармацыйнай прасторы: гэта разнастайныя расклады і схемы, шыльды і афішы, чэкі і інструкцыі і г.д. Нават талон ці банкнота з’яўляюцца крыніцамі інфармацыі, якую трэба ўмець чытаць і асэнсоўваць.

Спачатку трэба навучыцца вызначаць від несуцэльнага тэксту, затым атрымліваць з яго інфармацыю і рабіць высновы, ператвараць несуцэльны тэкст у суцэльны і наадварот. Наступным этапам будзе ўменне мяняць від несуцэльнага тэксту, напрык­лад, на аснове табліцы пабуда­ваць дыяграму або інструкцыю ператварыць у схему. Завяршальнымі будуць творчы і прыкладны этапы: уменне ствараць уласныя несуцэльныя тэксты і ўменне іх выкарыстоўваць для вырашэння канкрэтнай вучэбнай ці жыццёвай задачы.

Дадатковую каштоў­насць матэрыялу, які выкладаўся, надавала тое, што большасць прыкладаў грунтавалася на аснове рабочага сшытка “Практычныя заданні. Чалавек і свет”, суаўтарам якога з’яўляецца лектар. 

Нягледзячы на тое, што стыль выкладання, асаблівасці ўзаемадзеяння са слухачамі ды і сам змест лекцый Н.А.Капшай і М.І.Дабрадушанка даволі моцна адрозніваліся, іх аб’ядноўвала самае галоўнае — шчырая перакананасць у тым, што чытацкую пісьменнасць не толькі можна, але і трэба фарміраваць ужо ў пачатковай школе.

Кожны настаўнік — даследчык

Адным з напрамкаў удзелу ў інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца наяўнасць уласнага педагагічнага даследавання. Аднак, паводле заключэння экспертаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, узровень даследчай кампетэнтнасці педагогаў-практыкаў не заўсёды можа забяспечыць належную выніковасць.

Нярэдка настаўнікі падмяня­юць даследаванне тэмай па самаадукацыі або абагульненнем вопыту сваёй работы, а часцей за ўсё выкананнем праграмы рэалізацыі праекта. У той жа час даследаванне — гэта працэс атрымання ўласных новых ведаў з загадзя невядомым рашэннем, а адной з мэт даследчай дзейнасці з’яўляецца выяўленне ўзаемасувязей паміж рознымі бакамі з’явы або працэсу, што вывучаецца.

Менавіта з такіх слоў пачалася лекцыя С.І.Гін па тэме “Даследчая культура педагога”. У працэсе абмеркавання прыйшлі да высновы, што даследаванне пачынаецца з назірання, збору фактычнага матэрыялу, на падставе якога можна выказаць гіпотэзу.

А далей слухачам трэба было высветліць, ці існуе залеж­насць паміж хуткасцю чытання навучэнцаў і ўзроўнем выканання дыягнастычнай работы чытацкіх уменняў. З пункту гледжання бытавой логікі адказ відавочны: чым хутчэй дзіця чытае, тым лепшыя ў яго павінны быць вынікі выканання дыягностыкі.

Але што скажуць лічбы? Неверагодна складана словамі перадаць той азарт і энтузіязм, калі ўся зала ў адзіным парыве параўноўвала і аналізавала, лічыла і абагульняла, спрачалася і даказвала, — гэта трэба было ба­чыць! У настаўнікаў на руках былі вынікі толькі свайго класа, а ў канцы трэба было зрабіць высновы па выбарцы ў амаль дзве тысячы навучэнцаў! Вось тут кожны на сабе адчуў, што на самай справе значыць работа ў камандзе аднадумцаў! Але самым нечаканым эфектам аказаліся атрыманыя вынікі: здавалася б, цалкам відавочнае меркаванне пацвердзілася ўсяго ў 47% выпадкаў!

І тут жа ўзнікла новая гіпотэза: “Гэта, напэўна, таму, што дзеці паспяшаліся, прачыталі хутка, але няўважліва, і таму нарабілі памылак!..”. Але правяраць, ці існуе залежнасць паміж узроўнем увагі і выніковасцю, настаўнікі будуць ужо самі на працягу наступнага навучальнага года. Магчыма, і нейкія іншыя заканамернасці ўдасца выявіць, бо працэс пошуку новага бясконцы!..

А пакуль мы змаглі пераканацца, што законы педагагічнай інаватыкі, сфармуляваныя ­Н.Р.Юсуфбекавай, працуюць. У прыватнасці, закон незваротнай дэстабілізацыі педагагічнага інавацыйнага асяроддзя. Як раней, педагогі працаваць ужо не змо­гуць, прывычныя ўяўленні пачынаюць разбурацца. І хоць любое новаўвядзенне прыво­дзіць да палярызацыі меркаванняў аб яго значнасці і каштоўнасці, хочацца спадзявацца, што сярод удзельнікаў інавацыйнага праекта выпадковых людзей няма.

Якасны сэрвіс

Мяркую, з назвы гэтага блока можна было здагадацца, што размова пойдзе пра адміністрацыю і персанал санаторыя, дзе праходзіў семінар. Сапраўды, як выказалася ў водзыве адна з удзель­ніц: “Даўно не сустракала канцэнтрацыю такой колькасці добрых людзей у адным месцы!” Ёй падтакваюць і іншыя: “ДРАЦ “Пціч” — гасціннасць на найвышэйшым узроўні: 10/10”, “Месца, дзе праходзіў семінар, вельмі спадабалася. Цудоўныя людзі і прырода. Сталовая “па-за конкурсам”, “Усё камфортна, зручна, чыста. Персанал добразычлівы, ветлівы, карэктны”, “Умовы пражывання былі выдатныя. З’явілася жаданне вярнуцца сюды яшчэ раз”. І яшчэ шмат цёплых аналагічных слоў удзячнасці было сказана ў адрас “гаспадынь”: Таццяны Вітальеўны Максіменка і Таццяны Адамаўны Маёрчык.

Але хацелася б яшчэ паведаміць пра інфармацыйныя сэр­вісы, што было тэмай заключнай лекцыі настаўніка-метадыста з Васілішкаўскай сярэдняй школы С.А.Ханько.

На сённяшні дзень склалася парадаксальная сітуацыя, калі школьнікі, нават пачатковых класаў, валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі значна больш упэўнена, чым дарослыя (хаця не ўсе: Святлана Антонаўна можа даць фору любому вучню). Менавіта гэты вопыт яна імк­нулася перадаць слухачам: як ствараць цудоўныя прэзентацыі і інтэрактыўныя выявы, як выкарыстоўваць інфаграфіку на ўроку, як адрэдагаваць відэа (абрэзаць,
выразаць, склеіць, канверса­ваць…). А потым быў практыкум, калі з фота і відэа, знятых гэтымі днямі, проста на вачах нараджаўся сапраўдны фільм!

Слухачы атрымалі шматлікія спасылкі на розныя электронныя рэсурсы, галоўнай добрай якасцю якіх былі прастата і зручнасць выкарыстання. А яшчэ яны ўсе неаднаразова “пратэсціраваны” анлайн-наведвальнікамі рэсурснага цэнтра, які ўзначальвае Святлана Антонаўна. Якасны сэрвіс — гэта менавіта тое, што дазво­ліць настаўнікам зрабіць урокі яркімі і дынамічнымі, прадукцыйнымі і сучаснымі.

Расстаючыся з удзельнікамі семінара, раптам прыдумала ўласнае азначэнне функцыянальнай пісьменнасці: гэта калі чалавек не ўскладняе жыццё ні сабе, ні навакольным.

Не прэтэндую на лаўры, але, можа, у гэтым нешта ёсць? Функцыянальна пісьменны чалавек проста не мае патрэбы ў “подзвігах”, ён сумленна і адказна выконвае сваю работу і чакае такога ж стаўлення да сваёй справы ад іншых. Спакойна і надзейна. Без лішніх ахвяр і мітусні. Так проста і так цяжка. Але так неабходна! І нам, і нашым дзецям.

Святлана ГІН, 
прафесар кафедры педагогікі і прыватных методык 
Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, 
навуковы кансультант інавацыйнага праекта.

Алена Барташ, намеснік дырэктара ўздзен­скай ся­рэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы: “Каштоў­насць кожнага семінара-вучобы  не толькі ў новых ведах. Гэта стымул для далейшай плённай працы. І гэты семінар не стаў выключэннем. Зарад бадзёрасці, такія карысныя жывыя зносіны з калегамі, практычныя знаходкі і творчы ўздым даюць цудоўную магчымасць яшчэ больш паверыць у свае сілы, жаданне працаваць на вынік у сваёй школьнай камандзе”. 

Вольга Мялешка, намеснік дырэктара гімназіі Светлагорска: “Вам удалося сабраць вялікую аўдыторыю гасцей з усіх куткоў Беларусі, адданых і верных сваёй справе. Усе былі мілыя і дружалюбныя. Тэматыка выступленняў вельмі актуальная. Ваша каманда прадэманстравала вялікі арганізацыйны прафесіяналізм. Дзякуючы зладжанай рабоце, семінар прайшоў на найвышэйшым узроўні. Кожны ўдзельнік атрымаў станоўчыя эмоцыі. Мы будзем рады сустрэцца з вамі ў наступным годзе”.

Ірына Абашкіна, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 6 Полацка: “Полацкія педагогі далучаюцца да падзячных водзываў у адрас арганізатараў семінара! Усё сап­раўды было на 10 балаў. Лектары не проста чыталі матэрыял, а ўжывую размаўлялі з аўдыторыяй! З гумарам, з агеньчыкам! Пасля такіх сустрэч заўсёды хочацца ствараць, іскрыць і БЫЦЬ! І хочацца дадаць да слоў вядомай песні “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!”. Не проста ЗДОРАВА, але і вельмі ПАТРЭБНА. Бо ва ўсе куткі Беларусі паляцелі іскрынкі сяброўства, даб­ра, творчасці! Значыць, нашым дзецям стане цікавей вучыцца, спазнаваць свет і сябе ў гэтым свеце. А гэта і ёсць наша місія, паважаныя педагогі”.

Алена Басько, намес­нік дырэктара Васі­лішкаў­скай сярэдняй школы: “Шчырыя словы ўдзяч­насці за магчымасць удзе­лу ў семінары. Шмат станоўчых эмоцый, зарад энергіі на новы навучальны год, захопленасць інавацыйным праектам — усё гэта дзякуючы вам, Святлана Іванаўна, і вашым калегам”.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.